The Seventy Years Declaration in Belarusian




20 студзеня 2012 года

Дэклярацыя да 70-х угодкаў Ванзэйскай канфэрэнцыі па “Канчатковым рашэньні”


У 70-ыя ўгодкі афіцыйнага зацьвярджэньня нацыстоўскім кіраўніцтвам “Канчатковага рашэньня габрэйскага пытаньня” мы, ніжэйпадпісаныя,

 

Памятаем:

З пакорай і сумам, плян канчатковага рашэньня, які фармалізаваў і індустрыялізаваў далейшы наступ Галакосту эўрапейскага габрэйства;

Жах і зьверства кампаніі генацыду па поўным зьнішчэньні габрэяў у Эўропе, праведзенай нацыстамі і іх калябарацыяністамі;

Што масавае забойства габрэяў у Эўропе на паўгода апярэдзіла гэтае фармальнае прыняцьце пляну Канчатковага рашэньня і пачалося на Ўсходнім фронце ў 1941 годзе распачацьцем пляну Барбароса і нацыстоўскім нападам на Савецкі Саюз;

Што мільёны негабрэяў тым або іншым чынам пацярпелі ад нацызму і іншых формаў тыраніі ў Эўропе падчас II сусьветнай вайны.

 

Прызнаем:

Што нацыстоўская кампанія па зьнішчэньні габрэйскага насельніцтва была зь філязофскага, якаснага і практычнага  гледзішча цалкам асаблівай і адрознай ад іншых формаў прыгнёту, якія адчулі на сабе народы Эўропы падчас II сусьветнай вайны, такіх як жахі сталінізму, у тым ліку даваенны і пасьляваенны пэрыяды;

Нашу занепакоенасьць з нагоды таго, што ўрокі Галакосту не былі вывучаны і генацыд працягвае існаваць на міжнароднай арэне;

Высакароднасьць габрэйскіх партызанаў, якія перажылі гета або лягеры і працягнулі барацьбу з нацыстамі і іх саюзьнікамі;

Намаганьні Эўрапейскіх дзяржаваў па шчырым прызнаньні іх ролі ў мінулым Галакосту;

Што абмеркаваньне пытаньня генацыду ў Эўропе мусіць быць заснавана на вызначэньні, дадзеным Канвэнцыяй ААН па генацыдзе ў 1948 годзе;

Што антысэмітызм працягвае існаваць у розных праявах у Эўропе і за яе межамі.

 

Не прымаем:

Спробы затуманіць Галакост, прымяншаючы яго ўнікальнасьць і лічачы яго роўным, падобным або раўнацэнным камунізму, як сказана ў Праскай Дэклярацыі 2008 году;

Ураўноўваньне нацысцкіх і савецкіх злачынстваў, бо гэта зацямняе ўнікальнасьць кожнага зь іх і нясе ў сабе пагрозу прыменшыць важнасьць гістарычных урокаў, высноўваных з кожнай з гэтых асобна ўзятых зьяваў;

Спробы перапісаць гісторыю ў школьных падручніках эўрапейскіх краін для адлюстраваньня паняцьця “Падвойны Генацыд” (“роўнасьць” альбо “падабенства” нацыстоўскіх і савецкіх злачынстваў);

Як недапушчальнае ўслаўленьне злачынцаў, якія ўдзельнічалі ў Галакосьце, калябарацыяністаў і саюзьнікаў нацыстаў, уключаючы Вафэн СС у Эстоніі і Латвіі і Фронт Актывістаў Літвы;

Спробы легалізаваць або апраўдаць выкарыстаньне свастыкі расісцкімі або фашысцкімі групоўкамі;

Спробы адзначаць дзень ахвяраў Галакосту ў адзін дзень з ахвярамі камунізму.

 

Выступаем у абарону:

Асобных дзён і асобных праграм для памінаньня ахвяраў Галакосту і ахвяраў іншых таталітарных рэжымаў XX стагодзьдзя;

Няспынных намаганьняў дзяржаваў-сябраў ЭЗ прызнаць іх ролю ў зьнішчэньні эўрапейскага габрэйства;

Неабходнасьці пастаяннага вывучэньня праўдзівай гісторыі Галакосту і ўвекавечаньня памяці яго ахвяраў ва ўсіх краінах Эўрапейскага Зьвязу;

Супрацьстаяньня ўсім формам сучаснага расізму, дыскрымінацыі і іх праяў, у тым ліку антысэмітызму, пагарды да мусульманаў, нянавісьці да цыганоў, гамафобіі і іншых прадузятасьцяў і нецярпімасьці, спароджаных экстрэмісцкай палітыкай.

 

 

Подпісы


 

Гэтая дэклярацыя заснавана на тэксьце, аўтарамі якога зьяўляюцца Довід Кац і Дэні Бэн-Мошэ, ініцыяваным сайтам DefendingHistory.com. Як частка пастаяннай кампаніі па фармаваньні палітыкі, абуджэньні грамадзкай сьвядомасьці і ў падтрымку захаваньня сьведчаньняў гісторыі, DefendingHistory.com будзе пераконваць парлямэнтарыяў падпісаць гэтую дэклярацыю. Парлямэнтарыі, зацікаўленыя ў гэтым, могуць напісаць каардынатару Дэклярацыі, дацэнту Дэні Бэн-Мошэ на: info@defendinghistory.com.

Translated by Siarhej Shupa (Prague).

This entry was posted in 70 Years Declaration and tagged , , , . Bookmark the permalink.
Return to Top